вторник, 25 февраля 2014 г.

У Мінску адбыўся арганізацыйны сход супольнасці хрысціянскіх журналістаў


25 лютага ў Мінску адбыўся арганізацыйны сход супольнасці хрысціянскіх журналістаў. У паседжанні прынялі ўдзел дзесяць чалавек розных хрысціянскіх канфесій, якія маюць досвед працы як у свецкіх, так і ў рэлігійных СМІ: Барыс Гарэцкі, Кастусь Шыталь, Павел Севярынец, Максім Гацак, Аляксандр Тамковіч, Анатоль Шырвель і іншыя.

У сваёй дзейнасці супольнасць імкнецца аб'яднаць прафесійных журналістаў, фрылансераў, блогераў, рэдактараў парафіяльных СМІ і гэтак далей, якія з'яўляюцца вернікамі хрысціянамі або пішуць на рэлігійную тэматыку.

Удзельнікі сходу адзначылі важнасць каардынацыі сумеснай дзейнасці, неабходнасць дыялогу і супрацоўніцтва для асвятлення праблем беларускага грамадства, якія часта застаюцца без увагі. Яны таксама абмеркавалі планы сваёй дзейнасці ў бліжэйшай перспектыве. У прыватнасці, запланавана правядзенне навучальных семінараў, конкурсаў журналісцкіх працаў на сацыяльную тэматыку, маніторынгу СМІ, стварэнне базы хрысціянскіх СМІ і гэтак далей.

Каардынатарам суполкі быў абраны журналіст Telegraf.by Максім Гацак.

Наступная сустрэча запланаваная 10 сакавіка а 18:00 у офісе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў” па адрасе г.Мінск, вул.Камсамольская 7, офіс 32 (уваход праз цэнтр прыгажосці Body Jazz).



Па пытаннях адносна далучэння да суполкі можна звяртацца да каардынатара па тэлефоне +375 (29) 327 93 50 альбо праз e-mail karybut@gmail.com.